Государственное учреждение образования
"Детский сад № 4 г. Ганцевичи"

 

Skip Navigation Links

 

Меню раздела

 

Статистика посещений target="_blank" rel="nofollow"> Яндекс.Метрика

 

Ад бойкі да забойства — адзін крок…

17.02.2017

Правапарушэнні і злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносін, а таксама крадзяжы — самыя распаўсюджаныя супрацьпраўныя дзеянні, якія здзяйсняюцца грамадзянамі. І галоўная прычына, як правіла, адна — злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Асобныя аматары кульнуць чарку гатовы сцягнуць усё, што трапляе пад руку, каб потым і спатоліць сваю смагу. А ў п’яным чадзе здольны на самыя ганебныя ўчынкі.

Гэта ў поўнай меры можна сказаць у адрас Алега П. з вёскі Кукава. У свае 27 гадоў ён паспеў стаць хранічным алкаголікам, атрымаць пакаранне за крадзёж і трапіць у калонію за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

У сваім жыцці Алег П. сябе не абцяжарваў вучобай і работай. Маючы толькі агульную сярэднюю адукацыю, ён не вельмі імкнуўся рэалізаваць сябе і на працоўным полі дзейнасці — нідзе не працаваў, а перабіваўся выпадковымі заробкамі. Цяга да алкаголю,  жаданне жыць не горш чым іншыя і пры гэтым не прыкладваць асаблівых намаганняў, мабыць, і штурхнулі яго на крадзёж, за які суд назначыў злодзею два гады папраўчых работ з выплатай 20 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. І можа быць прымусовая працатэрапія аказала б пэўны станоўчы ўплыў на паводзіны і лад жыцця Алега П., але калі яго крымінальная справа яшчэ не была нават перададзена ў суд, ён здзяйсняе яшчэ адно і значна больш цяжкае злачынства.

Напрыканцы ліпеня 2016 года Алег завітаў да свайго бацькі ў вёску Дубнякі. А пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў у іх узнікла сварка, у ходзе якой сын “адхадзіў” рукамі і качаргой бацьку, ды так, што той апынуўся ў бальніцы са зламанай рабрынай, пашкоджаннем лёгкага, пераломам рукі і шматлікімі кровападцёкамі. Добра, што бацьку на наступны дзень пасля бойкі знайшоў на ложку знаёмы, які выпадкова зайшоў у госці, і па просьбе мужчыны выклікаў хуткую дапамогу.

На судзе Алег П. поўнасцю прызнаў сябе вінаватым у тым, што біў бацьку, але выказаў і меркаванне, быццам, той мог атрымаць траўмы, калі падаў з веласіпеда. У гэтым выпадку вердыкт судмедэкспертаў быў адназначным — такія пашкоджанні немагчыма атрымаць пры падзенні з веласіпеда. Паказанні пацярпелага, а таксама сведкаў, якія на наступны дзень размаўлялі з ім і дапамагалі яму, сведчылі аб злачынстве Алега П.

У выніку, суд па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання ўжо раней вызначанага пакарання за крадзёж і пакарання за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, вынес Алегу П. прысуд: пазбаўленне волі на 4 гады і 6 месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага яму назначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Прыгавор суда не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

У гэтым выпадку, як і ў многіх аналагічных, якія даводзіцца разглядаць на судовых пасяджэннях, усё закончылася яшчэ больш-менш добра. Бо ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія з’яўляюцца рэальнай пагрозай жыццю чалавека, да забойства застаецца літаральна адзін крок і часта толькі па шчаслівай выпадковасці ён не робіцца…

Сяргей НАСЕНЯ,

пракурор

Ганцавіцкага раёна

 

 

 

Тел.: +375164662745, e-mail: ddu4@gancevichi.edu.by ©Детский сад № 4 г. Ганцевичи